|
Прыватных ЖЭУ у Беларусі адзінкі
Звязда, 17 лiпеня 2010 г.
У Еўропе домакіраваннем займаюцца прыватныя кампаніі. Жыхары дома заключаюць дамову на абслугоўванне – і атрымоўваюць пакет паслуг па эксплуатацыі свайго дома. У сярэднестатыстычнага, напрыклад, немца галава наконт капітальнага рамонту ці тэхнічнага абслугоўвання не баліць. Ён ведае, што калі яго не зробіць кампанія, якой ён плаціць грошы, то ён звернецца да іншай. Нягледзячы на цэнтральнае становішча ў Еўропе, эксплуатацыяй дамоў у нашай краіне займаюцца пераважна ЖЭУ ці таварыствы ўласнікаў. Ці ёсць у нас кампаніі, падобныя да еўрапейскіх, высвятляла Настасся Занько Прыватныя ЖЭУ – маленькі парастак?
Знайсці прыватныя кампаніі, якія б прадастаўлялі паслугі па кіраванні дамамі, аказалася справай няпростай. Ва ўпраўленнях жыллёва-камунальнай гаспадаркі на маю слёзную гісторыю сваркі з ЖЭУ і просьбу параіць прыватную кампанію адказвалі наступным чынам: “Вы аўтаматычна падключаныя да сістэмы ЖКГ, як вы можаце самастойна нешта рабіць? Вам патрэбна жыць мірна і суіснаваць разам”. Былі прапановы таксама ствараць таварыства ўласнікаў і самім абслугоўваць свой дом. “Шукайце свайго электрыка, сантэхніка і ўсіх астатніх”, -- адказалі мне ў адным са сталічных упраўленняў..
-- У Беларусі на балансе ЖЭУ знаходзіцца 97 працэнтаў жылых дамоў, каля трох працэнтаў займаюць іншыя формы кіравання – ТУ, КІЗы, ЖБК і інш. І толькі зусім невялікую частку займаюць прыватныя кіруючыя кампаніі, -- праясніў сітуацыю Генадзь Калёнаў, партнёр сумеснага праекта Беларусі і Еўрапейскага саюзу “Жыллёвыя рэформы з удзелам насельніцтва”. – У Беларусі іх налічваецца некалькі дзесяткаў. Прыватныя ЖЭУ -- родам з Магілёва
Як ні дзіўна, найбольшая колькасць прыватных кампаній па абслугоўванні жылых дамоў (больш за 10) знаходзіцца ў Магілёве. Адной з самых папулярных у магіляўчан з’яўляецца ААТ “ЖылЭкспА”. На балансе “ЖылЭкспА” зараз 37 дамоў, з пяццю маюцца вусныя дамоўленасці. -- Мы заключаем дамову на поўнае тэхнічнае абслугоўванне. Аказваем па сутнасці тыя ж паслугі, што і ЖЭУ, -- кажа дырэктар кампаніі Іна Яўсеева. -- Раней у нас была свая бухгалтэрыя. Бухгалтар разлічвала ўсе камунальныя паслугі, а пашпартыстка адсочвала ўпіску-выпіску. Але дамы ў нас знаходзяцца у розных частках горада. Напрыклад, ёсць дом на адным канцы горада, яшчэ адзін на другім, а трэці пасярэдзіне. І вельмі нязручна людзям у офіс да нас ездзіць за нават простай даведкай. А мы падлічылі, што для таго, каб пасадзіць бухгалтара, пашпартыста і арганізаваць графік працы з 8.00 да 20.00 без выходных дзён, як гэта робяць разлікова-касавыя цэнтры, будзе вельмі выдаткоўна. Таму заключылі дамову з прадпрыемствам, якое займаецца менавіта бухгалтарскім улікам па камунальных паслугах і вядзеннем пашпартнага рэжыму. Яны вядуць і дамы ўсіх ЖЭУ і ЖСК, якія з імі заключаюць дамову. Людзям туды звяртацца больш зручна. Таму само налічэнне камунальных паслуг вядзе ў нас разлікова-касавы цэнтр. А самі паказанні лічыльнікаў, нейкія іншыя лічбы прадстаўляем мы.
Акрамя прыбіральшчыц, дворнікаў, сантэхнікаў, электрыкаў ды столяраў у штаце арганізацыі маецца свой галоўны інжынер, інжынер-энергетык.Таму да дапамогі дадатковых аргаізацый “ЖылЭкспА” не звяртаецца. На ўсе нараканні, па словах Іны Яўсеевай, яны стараюцца рэагаваць аператыўна.
-- Усё-ўсё добра не бывае, -- расказвае Васіль Васільевіч, жыхар дома № 35 па праспекце Пушкіна, які абслугоўвае “ЖылЭкспА”, -- Дому нашаму 30 год. І ў нас яшчэ больш менш у параўнанні з іншымі. Святло ёсць, вада, калі працякае, адразу прыходзяць і рамантуюць. Смецце вывозіцца… Праўда, моладзь на лесвіцы перашкаджае, але гэта ўжо іншае пытанне.
-- Што я магу сказаць пра “ЖыЭкспА”? Я наведвала і дамы, якія яны вядуць, была і ў іх офісе. Уражанне складваецца, што яны прыйшлі на рынак надоўга. Працуюць амаль без скаргаў ад жыльцоў, -- расказвае Вольга Зямцова, начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва. Некалькі дзесяткаў на ўсю рэспубліку
У адным з ЖЭУ на скаргу пачула такі адказ:”Калі ў цябе сто ртоў, як жа можна паспець кожнага накарміць”. Дзіўна, ЖЭУ не спраўляюцца са сваёй працай, а колькасць прыватных кампаній па ўсёй Беларусі не перавышае некалькі дзесяткаў. У чым жа прычына?
Сёння за адзін метр квадратны кліенты “ЖылЭкспА” плацяць 296 рублёў (сабекошт 1 м кв -- 622,5 руб.). Плата за тэхнічнае абслугоўванне кватэры ў 60 м кв. складае зараз 17 760 рублёў. Фактычна столькі ж, як і ў ЖЭУ. Але пры гэтым “ЖылЭкспА” недаатрымоўвае крыху больш за палову сумы. Павысіць суму да сабекошту кампанія не можа. Гэта рэгламентавана арт. 52 Жыллёвага кодэкса Беларусі, у якім сказана, што тарыфы і нормы адзіны для дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду. Ды нават калі б быў такі дазвол, з-за павелічэння платы ўдвая ад кампаніі сышлі б усе кліенты.
-- Для таго, каб пагасіць розніцу ў тарыфах, мы атрымоўваем субсідыі з мясцовага фінансава аддзелу, -- кажа Іна Яўсеева. -- Тое, што грамадзяне не даплачваюць (тарыф жа фіксаваны), нам даплачвае мясцовы бюджэт. Прыбытак наш складаюць грошы за арэнду тэхніка, паслуг, якія выконваем для ўласнікаў кватэр і г.д.
Пры гэтым сантэхнік у кампаніі атрымлівае 819 тыс. Гэта яго “голы” аклад. Дворнік атрымоўвае 530 тыс. ( таксама без прэміі).
Па словах Іны Яўсеевай, прыбытку зараз амаль няма. Гэта і зразумела. Таму што, калі ў мясцовага бюджэту грошаў не бывае, то ўвесь прыбытак ад арэнды і іншых паслуг ідзе на пакрыванне недаплаты ад жыльцоў.
-- Калі б насельніцтва аплачвала 100 працэнтаў.То кошт кватэры ў 60 м кв. складаў бы 37350 руб. у месяц. Нашы выдаткі па стану на сённяшні дзень на 11,3% ніжэй. А значыць. Нашы жыльцы плацілі б 33130 руб. , -- лічыць спадарыня Яўсеева, -- Пры ўмове, што жыльцам не патрэбна прыбіраць пад’езд, напрыклад, ці яны робяць гэта самі, або яны вырашылі зменшыць колькасць лямпачак у пад’ездзе, кошт тэхнічнага абслугоўвання мог бы быць зменшаны.
-- Шчыра кажучы, я вельмі чакаю, калі ўжо жыльцы будуць плаціць сто працэнтаў за паслугі ЖКГ, -- працягвае Іна Яўсеева. --Калі б плацілі 100 працэнтаў, то мы маглі б нашым грамадзянам прапаноўваць розныя варыянты абслугоўвання: адзін мінімальны, радзей нейкія рэчы рабіць і за меншыя грошы. І маглі б прапанаваць больш паслуг і за іншыя грошы. Калі людзі будуць плаціць 100 працэнтаў, то яны змогуць выбіраць. Будзе нейкая альтэрнатыва. А сёння атрымоўваецца, што нашы грамадзяне плацяць столькі ж, колькі і гарадское ЖЭУ. А вось па якасці…. Я думаю ўсё ж мы горш за іх дакладна не працуем. “Нам патрэбны дзесяткі такіх кампаній”
-- Увогуле, у гэтых арганізацый асноўная ідэя – ідэя выжывання, -- кажа Генадзь Калёнаў, -- Калі выбіраць нейкі бізнес, то яўна не гэты, таму што ён фактычна не прыносіць прыбытку. На мой погляд, гэтыя людзі пайшлі ў бізнес для таго, каб пры наступленні рынкавых адносінаў у сферы ЖКГ яны былі першымі. Яны і так будуць першымі, калі прыйдзе канкурэнцыя ў гэтую сферу.
Нашы прыватныя кампаніі пакуль далёкія ад еўрапейскіх аналагаў. Яны выконваюць розныя працы па эксплуатацыі дома, прадстаўляюць справаздачы. Аднак яны не не займаюцца кіраваннем як такім. Кіраванне ўключае ў сябе кіраванне фінанасамі, іх выгаднае размяшчэнне, драбленне рахункаў у розных банках для выключэння рызыкі, прадастаўленне справаздачаў і г.д.
Еўрапейская практыка домакіравання – гэта вузкая спецыялізацыя. У Еўропе, прынамсі ў Германіі, адна кампанія па домакіраванню мае дачэрнія маленькія кампаніі, якія аказваюць вузкаспецыялізаваныя віды паслуг. Першая, напрыклад, выконвае толькі паслугі па домакіраванню, другая па налічэнню плацяжоў, трэцяя спецыялізуецца толькі па аказанні паслугаў пажылым людзям і г.д. А ў цэлым гэта адна вялікая кампанія.
У маштабах нашай краіны нам патрэбны тысячы такіх прадпрыемстваў. Яны павінны канкурыраваць паміж сабой. Пакуль іх дзесяткі нават такой формы . Гэта, канешне ж, вельмі мала. Калі б гэтых арганізацый было шмат, то таварыства ўласнікаў ці мясцовыя адміністрацыі маглі б аб’яўляць тэндэры. Скажам, пяць арганізацый пададуць заяўкі на кіраванне, якая больш падыходзіць, тую і выбіраюць. Так адбываецца ў Германіі. У такім выпадку мясцовыя адміністрацыі атрымаюць канкурэнцыю, што ўжо само па сабе лепш, чым манаполія.
|